Loading...
Навіны

ФІГУРА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА ПРЫБЫЛА Ў ПІНСКУЮ КАТЭДРУ

4 верасня з Гродна распачалася перэгрынацыя фігуры святога Міхала Арханёла па катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.

Увечары  10 верасня  фігуру святога Арханёла Міхала, нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі, урачыста прывіталі ў Пінскай катэдры.

Малітва да святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі

Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.

У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.

Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.