Loading...
Навіны

ПЕРШАЯ СВЯТАЯ КАМУНІЯ Ў ПІНСКАЙ КАТЭДРЫ

У нядзелю 18 кастрычніка ў катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі, якую з рук ксяндза пробашча Паўла Врубеля прынялі 10 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Для таго, каб дайсці да гэтага радаснага дня, спатрэбіліся два гады падрыхтоўкі, падчас якой дзеці вучылі малітвы і пазнавалі асноўныя праўды хрысціянскай веры. Цэнтральная з іх — гэта вучэнне Касцёла пра сапраўдную, рэальную і істотную прысутнасць жывога Хрыста ў белай Гостыі — прэсным пшанічным хлебе, які ў сакрамэнце Эўхарыстыі падчас св. Імшы пераісточваецца ў Яго святое Цела.

Нядзельнай раніцай 10 дзяцей у прыгожых белых строях разам са сваімі бацькамі і хроснымі сабралася каля ўваходу ў Пінскую катэдру.

Пасля кароткага прывітання і малітвы пробашч парафіі кс. Павел Врубель акрапіў сабраных асвячанай вадой і  ўрачыста ўвёў іх у святыню, дзе дзеці ўпершыню ўзялі поўны ўдзел у св. Імшы.

На заканчэнне ксёндз пробашч ад усяго сэрца пажадаў дзецям, якія прынялі Першую Камунію, каб гэты дзень быў для іх сапраўды вельмі радасным і каб радасць сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі паўтаралася ў іх жыцці як мага часцей.