Loading...
Навіны

Развітанне з ксяндзом Янушам Чарнаморавым

Сёння 8 снежня, ва Урачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ, катэдральная парафія развіталася с ксяндзом Янушам Чарнаморавым. 

Вернікі звярнуліся да ксяндза Януша з наступнымі словамі:

Паважаны ксёндз Януш!

         Сёння парафіяне сабраліся ў катэдры не толькі на Урачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ, але і каб павіншаваць Вас з Юбілеем – 25-годдзем з дня нараджэння. Гэта важная дата ў жыцці любога чалавека, а для Вас, напэўна, асаблівая: упершыню Вы святкуеце дзень нараджэння ў якасці святара, бо літаральна праз тыдзень (14.12) будзе першая гадавіна Вашага святарскага пасвячэння. Вось гэта дзве радасныя нагоды, а трэцяя — не зусім радасная, можна сказаць, нават сумная – гэта апошні дзень Вашай паслугі ў нашай катэдры. Развітвацца з людзьмі заўсёды не вельмі лёгка, а з добрымі людзьмі, такімі, як Вы, наш дарагі ксёндз Януш, асабліва цяжка.

         Мы захапляемся Вашым душэўным багаццем, уменнем знайсці патрэбныя словы для чалавека ў любой сітуацыі, далікатнасцю, Вашым цудоўным голасам, самаадданым служэннем і міласэрнасцю. Мы ўдзячныя Вам за ахвярнае служэнне Пану Богу і людзям, за адданасць справе. Дзякуем, што праз Вашу паслугу мы атрымлівалі найвялікшыя ласкі: адпушчэнне грахоў у сакраманце пакаяння, удзяленне нам святых сакрамантаў. Таксама дзякуем Вам за змястоўныя казанні падчас Святых Імшаў, малітвы і данясенне да нашых сэрцаў Божага слова, за выхаванне дзяцей і моладзі, за зычлівасць да сталага пакалення.

        Дарагі ксёндз Януш! Жадаем, каб Пан Бог, дзеля хвалы сваёй велічы, заўсёды дапамагаў у спаўненні даручанай Вам паслугі, а Маці Божая была ласкавай апякункай, трывалай заступніцай, цудадзейнай суцяшальніцай. Няхай Езус Міласэрны адорыць добрым здароўем і патрэбнымі ласкамі.

Яшчэ хочацца пажадаць Вам на развітанне, каб на Вашым святарскім шляху сустракаліся толькі добрыя і зычлівыя людзі. Няхай вера заўсёды будзе надзейнай апорай у жыцці, любоў у сэрцы суцяшае ў цяжкія хвіліны, а надзея на лепшае не пахіснецца нават ад самых сцюдзёных вятроў. Мы дорым Вам цеплыню сваіх сэрцаў і хочам, каб яна заставалася ў Вашым святарскім сэрцы як мага даўжэй  і дапамагала ў рэалізацыі ўсіх планаў і намераў. А мы будзем памятаць пра Вас у сваіх малітвах.