Loading...
Навіны

Адвэнтовыя рэкалекцыі адбыліся ў Пінскай катэдры

З 11 па 13 снежня  Адвэнтовыя рэкалекцыі правёў ксёндз Эдуард Мажаеў, які раней працаваў у нашай парафіі. Вернікі Пінскай катэдры былі вельмі ўдзячныя за навуку і звярнуліся да ксяндза з наступнымі словамі:

Паважаны ксёндз Эдуард! Вельмі радасна бачыць Вас у нашай катэдры. Надзвычай прыемна, што ў такі няпросты час Вы разам з намі і праводзіце Адвэнтавыя рэкалекцыі. Шчыра ўдзячныя Вам за гэта.

Хочам выказаць словы падзякі за цэлебрацыю Раратняй святой Імшы, чытанне Евангелля, споведзь і навуку. Рэкалекцыі заўсёды важныя і карысныя для вернікаў, але калі іх тэма цесна звязана з хвалюючымі праблемамі, то гэта карысней удвая. Дзеці, бацькі і сям’я; муж, жонка і дзеці — гэтыя пытанні заўсёды актуальныя. Гэта наша штодзённасць, таму нам было цікава слухаць Вашы разважанні, якія грунтуюцца не толькі на Святым Пісанні, але і на прыкладах са свайго жыцця, жыцця сваіх знаёмых, літаратуры і кіно. Вашы казанні – гэта не проста маналог, а суразмоўніцтва, бо яны знайшлі жывы водгук у нашых сэрцах. Дарагі ксёндз Эдуард, яшчэ важна і тое, што ў Вашых казаннях гучыць клопат, каб перамяніць нас на лепшае, бо ўсё сказанае ідзе ад Вашай добрай душы. Таму шчыра дзякуем, што Вы паспрыялі, каб мы змаглі перажыць час Адвэнту як час аднаўлення і паглыблення нашых адносін з Богам.

Шаноўны ксёндз Эдуард! Ад усяго сэрца жадаем, каб Пан Бог дапамагаў Вам у штодзённых душпастырскіх клопатах, благаслаўляў, напаўняў энергіяй, сіламі, радасцю. Няхай Дух Святы натхняе на новыя задумы. А тое ўнутранае святло і цяпло, якое зыходзіць ад Вас, адкрывае для Бога ўсё больш сэрцаў даручаных Вам людзей. Жадаем, каб Пан Бог узнагародзіў Вас усімі дабротамі, адарыў здароўем, шчасцем, поспехамі, а Найсвяцейшая Панна Марыя – Маці ўсіх святароў — падтрымлівае на святарскім шляху. Поўных радасці і благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння Вам, дарагі ксёндз Эдуард!

Пінск, 13.12.2020г

У ІІІ нядзелю Адвэнту.