Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны ксёндз Біскуп Антоні!
Сёння асаблівы дзень – дзень Вашага нараджэння, які супадае з першым днём Новага года і Урачыстасцю Святой Багародзіцы. Напэўна, у такім супадзенні ёсць пэўны знак, які паўплываў на Ваш жыццёвы выбар – пакліканне да святарства. Мы, вернікі, удзячныя Пану Богу за гэта, а таксама за служэнне на нашай палескай зямлі. Бог адарыў Вас шчырай, адкрытай душой, надзяліў дабрынёй і мудрасцю ў духоўных і жыццёвых справах. Мы захапляемся Вашай далікатнасцю, Вашым уменнем бачыць душэўнае багацце кожнага чалавека, самаадданым служэннем Богу і ахвярнасцю, айцоўскім клопатам пра кожнага верніка. А Ваша шчырая і добразычлівая ўсмешка, калі Вы з пастырскім благаслаўленнем праходзіце ўздоўж лавак у нашай катэдры, напаўняе нас ціхай радасцю і спакоем. Дзякуем Вам за прыклад моцнай веры, за Вашы малітвы, за змястоўныя казанні і добрыя словы. Але самае галоўнае – гэта тое, што праз Вашы рукі мы яднаемся з Езусам Хрыстом, з Вашых рук атрымліваем Цела і Кроў Езуса Хрыста, якія аздараўляюць нашы грэшныя душы. На Вашы рукі складаем свае малітвы і просьбы, а Вы даносіце іх да Бога.
Ваша Эксцэленцыя, шаноўны ксёндз Біскуп! З сардэчнай цеплынёй віншуем Вас з усімі сённяшнімі святамі і жадаем добрага здароўя, Божай моцы на далейшыя гады служэння Богу і Касцёлу, ажыццяўлення ўсіх планаў і актыўнага святарскага даўгалецця. Няхай шчасцем і супакоем напаўняецца Ваша сэрца і Пан Бог аберагае ад зла, хваробы і смутку, а Маці Божая, Каралева Палесся, ахінае сваёй любоўю і ласкай, моліцца за Вас перад Божым тронам.
А мы таксама абяцаем падтрымліваць Вас штодзённай малітвай. Ад імя ўсіх парафіян нізкі паклон Вам, наш шаноўны ксёндз Біскуп.
Пінск, 01.01.2021г.
Ва Урачыстасць Святой Багародзіцы