Loading...
Навіны

Пасхальная вігілія ў пінскай катэдры. Фотарэпартаж

Увечары 3 красавіка, у Вялікую суботу,  біскуп Антоні Дзям’янка у нашай пінскай катэдры ўзначаліў цэлебрацыю галоўнай цэлебрацыі літургічнага года — Пасхальнай вігіліі ў святую ноч.

Таямніца Пасхі нагадвае нам аб перамозе святла, дабра і жыцця.

— піша ў віншавальным слове на Вялікдзень 2021 года біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста»

(1 П 1, 3)

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды уваскрос! Аллелюя!

Гэтае хрысціянскае пасхальнае прывітанне выражае вялікую радасць і надзею кожнага веруючага чалавека. Яго ўвасабленнем з’яўляецца паўсталы з мёртвых Сын Божы — Збавіцель свету.

З нагоды святкавання Хрыстовага Уваскрасення складаю сардэчныя пажаданні радасці жыцця, нязломнай надзеі і бясконцай моцы ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць перад намі Божы Провід. Зычу няспыннага досведу прысутнасці Змёртвыхпаўсталага Хрыста ў кожнай справе і кожным спатканні.

Вялікдзень адкрывае перад намі таямніцу Божай Міласэрнасці. Яна дазваляе спазнаваць паўнату ласкі, якая — па словах Папы Францішка — «можа перамяніць сэрца чалавека і ўчыніць яго здольным да вялікіх справаў».

Жадаю кожнаму з Вас моцнага здароўя душы і цела, пасхальнага аптымізму ў кожнай справе і ў кожным спатканні. Няхай святкаванне Вялікадня дапаможа набрацца новых сілаў да пераадолення ўсялякіх цяжкасцяў і напоўніць нязломным даверам да Божай Моцы і Мудрасці, дзякуючы якой можам адважна глядзець у будучыню.

З велікоднымі віншаваннямі і пасхальным благаслаўленнем

+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень 2021 г.