30 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у нашай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася вялікая ўрачыстасць – 9 маленькіх сэрцаў у першы раз прынялі Святую Камунію.
Для таго, каб дайсці да гэтага радаснага дня, спатрэбіліся два гады падрыхтоўкі, падчас якой дзеці вучылі малітвы і пазнавалі асноўныя праўды хрысціянскай веры. Цэнтральная з іх — гэта вучэнне Касцёла пра сапраўдную, рэальную і істотную прысутнасць жывога Хрыста ў белай Гостыі — прэсным пшанічным хлебе, які ў сакрамэнце Эўхарыстыі падчас Святой Імшы пераісточваецца ў Яго святое Цела.
Нядзельнай раніцай 9 дзяцей у прыгожых белых строях разам са сваімі бацькамі і хроснымі сабраліся каля ўваходу ў Пінскую катэдру.
Перад пачаткам святой Імшы ксёндз-пробашч Павел Врубель прывітаў усіх сабраных, акрапіў асвячанай вадой і запрасіў ва ўрачыстай працэсіі прайсці да касцёла. Ад урачыстасці моманту на вачах бацькоў, хросных з’явіліся слёзы радасці. Распачалася святая Імша благаслаўленнем дзетак. Бацькі і хросныя, таксама як і падчас хросту, зрабілі на чоле сваім дзеткам знак крыжа.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў ксёндз-біскуп Антоній Дзям’янка і з яго рук 9 дзяцей прынялі Першую Святую Камунію.
На заканчэнне Святой Імшы бацькі падзякавалі ксяндзу-біскупу за цэлебрацыю Святой Імшы, за прамоўленае Божае слова і яго тлумачэнне. Таксама падзякавалі ксяндзу-пробашчу за двухгадовую падрыхтоўку дзяцей, за прыклад веры, за арганізацыю гэтай прыгожай урачыстасці і ўручылі кветкі. А святар, у сваю чаргу, выказаў словы падзякі бацькам і хросным за прысутнасць і за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага свята.
Нядзельная ўрачыстасць закончылася супольным фотаздымкам. Наперадзе дзетак чакае «белы тыдзень», які скончыцца 6 чэрвеня.