Loading...
Навіны

Сіламі парафіян Пінскай катэдры быў усталяваны новы крыж на могілках

     Могілкі на вуліцы Спакойнай у Пінску — адзінае месца, на якім захаваліся гістарычныя могілкі горада. Яны ўключаюць у сябе каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія, агульнагарадскія і воінскія пахаванні. Першыя магілы на каталіцкай частцы могілак адносяцца да пачатку XIX стагоддзя. Частка надмагілляў і агародж XIX-пачатку XX стагоддзя выкананы на высокім мастацкім узроўні з каштоўных матэрыялаў і прадстаўляюць мастацтва беларускіх і пінскіх скульптараў, камнерезчыкаў, ліцейшчыкаў і кузняцоў. Тут пахаваныя выхадцы вядомых родаў Скірмунтаў, Агінскіх, ордаў, Бутрымовічаў, маці вядомага польскага журналіста Рышарда Капусцінскага, маці архітэктара Івана Жалтоўскага, бацькі біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Букрабы, паплечнікі першага біскупа Пінскай дыяцэзіі Зігмунта Лазінскага.

     Сярод захаваных магіл і сёння можна знайсці пахаванні рэлігійных і грамадска-палітычных дзеячаў, мастакоў і пісьменнікаў, якія ўнеслі неацэнны ўклад не толькі ў развіццё Пінска. Гэтыя асобы вядомыя ў гісторыі Польшчы, Беларусі і Расіі. Могілкі зачыненыя для пахаванняў у 1977 годзе. А ў 1993 годзе ім нададзены статус комплекснай каштоўнасці-мемарыяльны некропаль.

Касцёл Балеснай Божай Маці. XIX ст. знаходзіўся на могілках па вуліцы Спакойнай. Спалены.

  

 На месцы былога касцёла быў крыж, які пакасіўся і патрабаваў замены. Парафіяне Пінскай катэдры разам з пробащчам ксяндзом Паўлам Врубелем запланавалі замену старога крыжа на новы і пачалі падрыхтоўку яшчэ месяц таму, закупілі ўсё неабходнае і ўласнымі сіламі зрабілі новы дубовы крыж. І вось сёння, 28 жніўня 2021 года, нягледзячы на дажджлівае надвор’е парафіяне пінскай катэдры прыбылі на месца былога касцёла на могілках па вуліцы Спакойнай. Адназначна Божы цуд, у момант ўстаноўкі крыжа хмары разышліся і з’явілася сонца — як знак Божай ласкі. Дубовы крыж з фігурай распятага Хрыста быў устаноўлены! Жанчыны і моладзь прыбралі тэрыторыю вакол.

Няхай Добры Бог благаславіць усім, хто якім-небудзь спосабам дапамагаў у падрыхтоўцы і ўсталяванні крыжа!