- Сёння Пальмовая нядзеля, нядзеля Мукі Пана. На пачатку кожнай Святой Імшы адбываецца пасвячэнне пальмаў (вербаў). Мы ўваходзім у час непасрэднай падрыхтоўкі да таямніцы пакут і смерці нашага Пана Езуса Хрыста. Набажэнства “Песні жальбы” адбудзецца пасля Святoй Імшы а 8:30. Зборы ахвяраванняў у гэты дзень прызначаюцца на Духоўную семінарыю. Таксама сёння можна ахвяраваць на кветкі для ўпрыгожвання дэкарацый у нашай святыні.
- У Вялікі панядзелак, Вялікі аўторак і Вялікую сераду Св. Імшы: 9:00; 18:30. Пасля кожнай ранішняй Святой Імшы Крыжовы Шлях. За поўгадзіны перад кожнай Святой Імшой ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту Споведзі.
- Асабліва важнымі з’яўляюцца тры апошнія дні Вялікага тыдня – Пасхальны Трыдуум: найважнейшае касцёльнае свята і пік усяго літургічнага года. Ён пачынаецца з Імшы Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер. Кульмінацыйным пунктам з’яўляецца Пасхальная Вігілія ў Вялікую ноч.
- Заахвочваем да актыўнага ўдзелу ў Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта 16 – 17 красавіка, перад і пасля Пасхальнай Вігіліі. Няхай гэта будзе выразам нашай любові і ўдзячнасці Езусу Хрысту за Яго хвалебную муку, смерць і ўваскрасенне. Просім запісацца ў графік удзелу ў Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта асабліва з 1:00 да 6:30.
- Заахвочваем прыступіць да Велікоднай споведзі. Калі ў гэтыя вялікія святы хрысціянін не спавядаецца, а значыць і не прымае Святую Камунію (за выключэннем тых, каму забаронена), выказвае сваю духоўную нясталасць, бо не хоча прымаць збаўчую ласку, якая выплывае з Хрыстовай ахвяры.
- З панядзелка (11.04) пачнецца генеральная ўборка ў катэдры. У гэтым годзе яе вырашана арганізаваць паэтапна, на працягу трох дзён, каб належным чынам навесці парадак і даць магчымасць як мага большай колькасці вернікаў далучыцца да гэтай важнай справы.
- Шчыра дзякую ўсім за супольную малітву. Дзякую за прыбіранне нашай святыні, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог шчодра ўзнагародзіць вас сваімі ласкамі.
ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР (14.04.2022)
ДЗЕНЬ УСТАНАЎЛЕННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЭЎХАРЫСТЫІ І СВЯТАРСТВА
10:00 – Святая Імша Хрызма, падчас якой асвячаюцца алеі для ўдзялення святых Сакрамэнтаў і намашчэння прадметаў Божага культу. У гэтай Св. Імшы будуць удзельнічаць святары нашай Пінскай дыяцэзіі. Запрашаем Вас, дарагія парафіяне, супольна маліцца за нашых святароў і біскупа ў дзень іх свята.
19:00 – урачыстая Святая Імша Вячэры Пана. На гэтай Эўхарыстыі ўспамінаем, што менавіта сёння Езус разам з Апосталамі правёў першую Св. Імшу. Пасля заканчэння Літургіі мы занясём Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ў Цямніцу, каб там застацца з Ім на малітве.
ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА (15.04.2022)
ДЗЕНЬ МУКІ І СМЕРЦІ НАШАГА ПАНА ЕЗУСА ХРЫСТА
08:00 – Набажэнства Чорная Ютрань
15:00 – запрашаем на Вяночак і пачатак Навэнны да Божай Міласэрнасці;
18:00 – апошняе набажэнства Крыжовага шляху;
19:00 – Літургія Вялікай пятніцы – Таямніца Мукі Пана. У гэты дзень Найсвяцейшая Эўхарыстыя не цэлебруецца. Літургія гэтага дня складаецца з трох частак: 1) Літургія Слова з чытаннем Евангелля Мукі Пана і малітвы верных; 2) Адарацыя Крыжа; 3) Святая Камунія і Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Грабніцы Пана. Ахвяры, складзеныя ў Вялікую Пятніцу прызначаюцца на ўтрыманне касцёлаў у Святой Зямлі. У Вялікую Пятніцу абавязвае сціслы пост.
ВЯЛІКАЯ СУБОТА (16.04.2022)
ДЗЕНЬ «АДПАЧЫНКУ» ПАНА ЕЗУСА І ПАСХАЛЬНАЯ ВІГІЛІЯ
08:00 – Набажэнства Чорная Ютрань
10:00 – пачатак Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту каля Грабніцы Пана. Асвячэнне страў на велікодны стол будзе адбывацца кожную гадзіну з 10:00 да 18:00.
21:00 – урачыстая Літургія Пасхальнай Вігіліі. Яна распачнецца абрадам асвячэння агню, ад якога будуць запалены Пасхал і нашы свечкі, якія мы павінны ўзяць з сабой у касцёл. Пасля гэтага ўступу будзе Літургія Слова, у якой мы пачуем гісторыю збаўлення, пачынаючы ад стварэння свету да яго адкуплення праз Смерць і Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Потым мы пяройдзем да Літургіі святога Хросту з благаслаўленнем вады і акрапленнем усіх нас, а таксама з аднаўленнем абяцанняў, дадзеных падчас св. Хросту. Апошняя частка Літургіі Пасхальнай Вігіліі — гэта Эўхарыстычная Літургія, у якой вызнаўцы Змёртвыхпаўсталага Хрыста прымаюць Яго ў постаці Хлеба.
Пасля заканчэння Літургіі Пасхальнай Вігіліі адбудзецца ўсяночная Адарацыя Змёртвыхпаўсталага Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
НЯДЗЕЛЯ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА (17.04.2022)
7:00 – урачыстая Рэзурэкцыйная Святыя Імша з працэсіяй.
10:30; 12:00 і 19:00 – урачыстыя Святыя Імшы.
ВЕЛІКОДНЫ ПАНЯДЗЕЛАК (18.04.2022)
9:00, 12:00, 18:30 – Святыя Імшы