Loading...
Парафіяльныя аб'явы

ДУШПАСТЫРСКІЯ АБ’ЯВЫ 17 красавіка 2022 УРАЧЫСТАСЦЬ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА

  • Сёння ВЯЛІКДЗЕНЬ, Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана. Радуемся і дзякуем Хрысту за Яго перамогу над смерцю, грахом і шатанам. Сардэчна дзякуем Вам, умілаваныя парафіяне, за Вашу прысутнасць на малітве ў дні Вялікага посту і Пасхальнага Трыдуума. Дзякуем кс. Біскупу Антонію за тое, што ўзначаліў Літургіі святога Пасхальнага Трыдуума, кс. Андрэю за душпастырскую дапамогу. Дзякуем тым, хто прыходзіў прыбіраць у нашай святыні і ўпрыгожваць яе. Асаблівая падзяка тым, хто прыгатаваў прыгожыя дэкарацыі. Дзякуем усёй літургічнай службе, нашым міністрантам. Дзякуем усім, хто ў сёняшнюю ноч ахвяраваўся чуваць на адарацыіі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Усіх віншуем з гэтымі Вялікімі святамі. Няхай Уваскрослы Хрыстос дапаможа нам атрымаць перамогу над нашымі грахамі, недасканаласцямі і слабасцямі і напоўніць нашыя сэрцы супакоем, радасцю і любоўю.
  • У сёняшнюю вялікую урачыстасць будуць Святыя Імшы а 7:00 (з Рэзурэкцыйнай працэсіяй), 10:30, 12:00, 19:00.
  • У Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана можна атрымаць поўны адпуст, прымаючы папскае благаслаўленне Urbi et Orbi, якое перадаецца праз медыя.
  • ВЕЛІКОДНЫ ПАНЯДЗЕЛАК паводле даўняй традыцыі адзначаем як другі дзень Велікодных Святаў. Св. Імшы а 9:00, 12:00, 18:30.
  • У пятніцу Велікоднай Актавы няма абавязковага посту.
  • Ва ўсе нядзелі Велікоднага перыяда перад Св. Імшой а 10:30 будзем праводзіць працэсію. У гэтай працэсіі ахрышчаныя вызнаюць перад усім светам веру ў змёртвыхпаўстанне Хрыста і выказваюць радасць надзеі на вечнае жыццё.
  • Наступная нядзеля, 24 красавіка, — нядзеля Божай Міласэрнасці. Рыхтуемся да яе праз навэнну, якую распачалі у Вялікую Пятніцу. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту а 18:00 молімся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
  • Увесь Велікодны перыяд радуемся Змёртвыхпаўстанню Хрыста і нясём гэтую радасць іншым, таму нашым хрысціянскім прывітаннем будзе:
    Хрыстус Уваскрос! Аллелюя! Сапраўды Ўваскрос! Аллелюя!
  • У гэтыя святочныя дні, асабліва ў Актаве Пасхі, сардэчна запрашаем на спатканне з жывым, змёртвыхпаўсталым Хрыстом у штодзённай Эўхарыстыі а гадзінах 9:00 і 18:30. Заахвочваем да Велікоднай споведзі.
  • У суботу, 23 красавіка, у нашай катэдры у 16:00 адбудзецца канцэрт арганнай і камернай музыкі.