Loading...
Навіны

Пасхальны Трыдыум Пінскай катэдры 2023

У чацвер, 6 красавіка, ранішняй Імшой Хрызмай парафіяне адзначылі заканчэнне Вялікага посту. Святочную Імшу, у якой прынялі ўдзел святары Пінскай дыяцэзіі, якія нясуць служэнне ў Брэсцкай вобласці, узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Падчас набажэнства быў асвечаны алей для ўдзялення святых Сакрамэнтаў і намашчэння прадметаў Божага культу. У гэты ж дзень, падчас вечаровай Святой Імшы, якая носіць назву Імша Вячэры Пана, вернікі распачалі перажыванне Пасхальнага Трыдыўма. Менавіта ў чацвер Пан Езус, разам з вучнямі святкуючы Пасху, праз супольнае спажыванне хлеба і віна устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі ў якасці ўспаміна аб Ягонай будучай збаўленчай ахвяры. Цела і Кроў Хрыста  было перанесена з табэрнакулюма ў “вязніцу” Пана, якая сімвалізуе арышт і заключэнне Езуса пад варту.

У Вялікую пятніцу, 7 красавіка, вернікі перажывалі Літургію Мукі Пана. У гэты дзень Святая Імша не цэлебруецца, а Літургія складалася з трох частак: Літургіі Слова, Адарацыі Крыжа і Святой Камуніі і Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, які быў перанесены з “вязніцы” ў грабніцу Пана. Падчас набажэнства ў гэты дзень асаблівым чынам перажываецца збаўленчая пакута Пана, што выражаецца ў сціслым посце і няўдзелу ў весялосцях і забавах. Ахвяраванні парафіян, сабраныя ў гэты дзень, былі прызначаны на ўтрыманне Касцёла на Святой Зямлі.

Перажыванне таямніцы Змёртвыхпаўстання Пана працягнулася ў Вялікую Суботу. А 10 гадзіне распачалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту каля Грабніцы Пана, якая трывала да 18 гадзін. У гэты ж час кожную гадзіну вернікі мелі магчымасць асвяціць свае стравы на Велікодны стол, а таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння. А 21 гадзіне распачалася Літургія Пасхальнай Вігіліі, якая распачалася ўрачыстым запальваннем Пасхалу і свечак вернікаў. Пасля распачалася Літургія Слова, калі ўсе прысутныя мелі магчымасць паглыбіцца ў гісторыю Збаўлення. Падчас Літургіі Святога Хросту наша парафіяльная супольнасць узрасла на яшчэ аднаго верніка – ва ўрачыстай абстаноўцы быў ахрышчаны катэхумэн Андрэй, а пасля благаслаўлення вады ўсе мы мелі магчымасць аднавіць абяцанні Святога Хросту, даныя нашымі хроснымі бацькамі. Апошняй і самай галоўнай часткай Літургіі Пасхальнай Вігіліі стала Эўхарыстычная Літургія, калі мы ўрачыста сустракалі ўваскрослага Пана Езуса Хрыста, якая стала вяршыняй усяго літургічнага году. Пасля Святочнай Імшы распачалося начное чуванне і Адарацыя ўваскрослага Пана, якое суправаджалася спевамі пад гітару і разважаннямі.

А ў нядзелю а 7 гадзіне раніцы распачалася ўрачыстая рэзурэкцыйная Імша, якую ўзначаліў наш біскуп. Перад Святой Імшой адбыўся працэсія з харугвямі па вуліцах горада, калі парафіяне мелі магчымасць падзяліцца радасцю ўваскрасення Пана з усімі жыхарамі горада, што ў гэты час мелі шчасце бачыць гэтую працэсію. Пасля Святой Імшы біскуп яшчэ раз павіншаваў вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з гэтым найвялікшым святам і пажадаў заўседы заставацца побач з Богам, бо толькі жыцце паводле Ягоных законаў можа прынесці сапраўднае шчасце.

аўтар: Аляксандр Клімовіч

фота: Таццяна Яфіменка