Loading...
Парафіяльныя аб'явы

Душпастырскія аб’явы 24.03.2024 Пальмовая нядзеля

  • Сёння Пальмовая нядзеля, нядзеля Мукі Пана. На пачатку кожнай Св. Імшы адбываецца пасвячэнне пальмаў (вербаў). Мы ўваходзім у час непасрэднай падрыхтоўкі да таямніцы пакут і смерці нашага Пана Езуса Хрыста. Набажэнства “Песні жальбы” адбудзецца перад Святoй Імшой а 10:30. Зборы ахвяраванняў у гэты дзень прызначаюцца на Духоўную семінарыю. Таксама сёння можна ахвяраваць на кветкі для упрыгожвання дэкарацый у нашай святыні.
  • У Вялікі Панядзелак, Вялікі Аўторак і Вялікую Сераду Св. Імшы: 9:00;    18:30.  Пасля кожнай ранішняй Святой Імшы Крыжовы Шлях. У аўторак пасля вячэрняй Імшы Крыжовы Шлях для дзяцей. За поўгадзіны перад кожнай  Святой Імшой ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту Споведзі.
  • Асабліва важнымі з’яўляюцца тры апошнія дні Вялікага Тыдня – Пасхальны Трыдуум: найважнейшае касцёльнае свята і пік усяго літургічнага года. Ён пачынаецца з Імшы Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер. Кульмінацыйным пунктам з’яўляецца Пасхальная Вігілія ў Вялікую ноч.
  • Заахвочваем да актыўнага ўдзелу ў Адарацыі Найсяцейшага Сакрамэнта 30 – 31 сакавіка, перад і пасля Пасхальнай Вігіліі. Няхай гэта будзе выразам нашай любові і ўдзячнасці Езусу Хрысту за Яго хвалебную муку, смерць і ўваскрасенне. Просім запісацца ў графік удзелу  ў Адарацыі Найсяцейшага Сакрамэнта асабліва з 1:00 да 6:30.
  • Заахвочваем прыступіць да Велікоднай споведзі. Калі ў гэтыя вялікія святы хрысціянін не спавядаецца, а значыт і не  прымае Святую Камунію (за выключэннем тых, каму забаронена), выказвае сваю духоўную нясталасць, бо не хоча прымаць збаўчую ласку, якая выплывае з Хрыстовай ахвяры.
  • З панядзелка (25.03.) пачнецца генеральная ўборка ў катэдры. У гэтым годзе яе вырашана арганізаваць паэтапна, на працягу трох дзён, каб належным чынам навесці парадак і даць магчымасць як мага большай колькасці вернікаў далучыцца да гэтай важнай справы.
  • Шчыра дзякуем усім за супольную малітву. Дзякуем за прыбіранне нашай святыні, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог шчодра ўзнагародзіць вас сваімі ласкамі.

 

ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР (28.03.2024)

ДЗЕНЬ УСТАНАЎЛЕННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЭЎХАРЫСТЫІ І СВЯТАРСТВА

10:00 – Святая Імша Хрызма, падчас якой асвячаюцца алеі для ўдзялення святых Сакрамэнтаў і намашчэння прадметаў Божага культу. У гэтай Св. Імшы будуць удзельнічаць святары нашай Пінскай дыяцэзіі. Запрашаем вас, дарагія парафіяне, супольна маліцца за нашых святароў і біскупаў у дзень іх свята.

19:00 урачыстая Святая Імша Вячэры Пана. На гэтай Эўхарыстыі ўспамінаем, што менавіта сёння Езус разам з Апосталамі правёў першую Св. Імшу. Пасля заканчэння Літургіі мы занясём Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ў Цямніцу, каб там застацца з Ім на малітве.

ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА (29.03.2024)

ДЗЕНЬ МУКІ І СМЕРЦІ НАШАГА ПАНА ЕЗУСА ХРЫСТА

09:00 – Набажэнства Чорная Ютрань

15:00 – запрашаем на Вяночак і пачатак Навэнны да Божай Міласэрнасці;

18:00 – апошняе набажэнства Крыжовага шляху;

19:00 Літургія Вялікай пятніцы Таямніца Мукі Пана. У гэты дзень Найсвяцейшая Эўхарыстыя не цэлебруецца. Літургія гэтага дня складаецца з трох частак: 1) Літургія Слова з чытаннем Евангелля Мукі Пана і малітвы верных; 2) Адарацыя Крыжа; 3) Святая Камунія і Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Грабніцы Пана. Ахвяры, складзеныя ў Вялікую Пятніцу прызначюцца на ўтрыманне касцёлаў у Святой Зямлі. У Вялікую Пятніцу абавязвае сціслы пост.

ВЯЛІКАЯ СУБОТА (30.03.2024)

ДЗЕНЬ «АДПАЧЫНКУ» ПАНА ЕЗУСА І ПАСХАЛЬНАЯ ВІГІЛІЯ

09:00 – Набажэнства Чорная Ютрань

10:00 пачатак Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту каля Грабніцы Пана. Асвячэнне страў на велікодны стол будзе адбывацца  кожную гадзіну з 10:00 да 18:00.

21:00 урачыстая Літургія Пасхальнай Вігіліі. Яна распачнецца абрадам асвячэння агню, ад якога будуць запалены Пасхал і нашы свечкі, якія мы павінны ўзяць з сабой у касцёл. Пасля гэтага ўступу будзе Літургія Слова, у якой мы пачуем гісторыю збаўлення, пачынаючы ад стварэння свету да яго адкуплення праз Смерць і Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Потым мы пяройдзем да Літургіі святога Хросту з благаслаўленнем вады і акрапленнем усіх нас, а таксама з аднаўленнем абяцанняў, дадзеных падчас св. Хросту. Апошняя частка Літургіі Пасхальнай Вігіліі — гэта Эўхарыстычная Літургія, у якой вызнаўцы Змёртвыхпаўсталага Хрыста прымаюць Яго ў постаці Хлеба.

Пасля заканчэння Літургіі Пасхальнай Вігіліі адбудзецца ўсяночная Адарацыя Змёртвыхпаўсталага Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

 

НЯДЗЕЛЯ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА (31.03.2024)

7:00 – урачыстая Рэзурэкцыйная Святыя Імша з працэсіяй.

10:30;  12:00  і  19:00 – урачыстыя Святыя Імшы.         

ВЕЛІКОДНЫ ПАНЯДЗЕЛАК (01.04.2024) 

9:00, 12:00, 18:30 – Святыя Імшы