
БЫЦЬ МІНІСТРАНТАМ – ГЭТА ТАКСАМА ПАКЛІКАННЕ! КАЛІ АДЧУВАЕШ ЯГО І ХОЧАШ СЛУЖЫЦЬ ПРЫ АЛТАРЫ – ДАЛУЧАЙСЯ!
Слова міністрант паходзіць ад лацінскага ,,ministrare”, якое азначае ,,служыць, дапамагаць”. Гэта асаблівы від служэння. Тэрмін ,,міністрант” мае на ўвазе служэнне падчас святой Імшы. Міністрант служыць Богу, калі прыслугоўвае пры алтары, клапоцячыся пра прыгажосць літургіі. Міністрант з’яўляецца памочнікам для святара не толькі падчас Эўхарыстыі, але і іншых літургічных абрадаў і набажэнстваў, сярод якіх на першым месцы стаяць Сакрамэнты. Не менш важным ёсць удзел міністранта ў прыдрыхтоўцы алтара і ўсяго неабходнага да літургіі.
Міністрант пакліканы да выканання важнай функцыі ў Касцёле: ён павінен сваім жыццём сведчыць аб Богу, павінен маліцца не толькі падчас св. Імшы, але рабіць гэта часцей і заахвочваць іншых да малітвы. Калі ў сям’і не моляцца раніцай ці вечарам, не моляцца перад ядой, то на вас, міністранты, ляжыць абавязак прыпомніць бацькам і родным аб яе вартасці. І напэўна ваш знак крыжа і малітва перад ядой будуць добрым прыкладам для іх. Тое ж можна сказаць пра ранішнюю і вячэрнюю малітвы.
Міністрант — гэта асоба, якая дапамагае святару падчас літургічных абрадаў спаўняць літургічную паслугу. Паслуга міністранта ля алтара падзяляецца на пэўныя функцыі: міністранты Крыжа, міністранты Святла, міністранты Алтара, міністрант Турыферарыя і г.д… Таксама служба каля алтара падзяляецца на пэўныя ступені. Першая ступень- аспірант. Аспірант — гэта асоба якая рыхтуецца стаць праз нейкі час міністрантам, ён не выконвае ніякіх функцый, а толькі назірае і вучыцца. Наступная ступень — гэта міністрант. Потым лектар. Лектар — гэта міністрант, якому дазваляецца чытаць Слова Божае. Існуюць таксама іншыя ступені паслуг.
Міністранцтва існуе ад пачатку Касцёла альбо ад моманту існавання абрадаў. Першы міністрант быў яшчэ ў гады Езуса Хрыста. Гэта быў хлопчык з Евангелля паводле Яна (Ян 6,9), які меў пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён аддаў гэты хлеб і рыбу Езусу, дапамогшы Збавіцелю накарміць тысячы людзей. Ведаем, што гэты момант з Евангелля сімвалічна ўказвае на Эўхарыстыю. Можна сказаць,што ад гэтага моманту і з’явіліся міністранты. Апекуном міністрантаў з’яўляецца Св. Дамінік, а на Беларусі яшчэ Св. Казімір. Але першым Святым апекуном з’яўляецца Св.Тарсіцый. Св.Тарсіцый быў хлопчыкам, якому было прыкладна каля 10 год. Ён прыносіў у турмы людзям Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб яны маглі з’яднацца з Езусам Хрыстом. Аднагодкі не ведалі, што ён туды насіў, таму што гэта была таямніца. Св. Тарсіцый загінуў мучаніцкай смерцю. За сваю адданасць Богу ён быў забіты ўкаменаваннем. З таго часу Св. Тарсіцый з’яўляецца першым апекуном міністрантаў.
КАЛІ ЖАДАЕШ ДАЛУЧЫЦЦА ДА ШЭРАГУ МІНІСТРАНТАЎ,
ПРОСТА ПАВЕДАМІ СВЯТАРУ І ПРЫХОДЗЬ НА СПАТКАННІ.