Loading...

«Equipes Notre-Dame» для сужэнств

Мэта Суполак Маці Божай — дапамагчы сужэнствам ва ўсёй паўнаце перажываць сакрамэнт сужэнства.

«Асноўная мэта Суполак Маці Божай — дапамагаць сужэнствам на шляху да святасці. Ні больш, ні менш» (кс. Анры Кафарэль).

Мы жывём у эпоху кантрастаў. З аднаго боку, у свеце трыумфуюць разводы, здрады, свабодныя саюзы, неамальтузіянства, з іншага — штораз часцей ствараюцца сужэнствы, якія імкнуцца да сапраўднага хрысціянскага жыцця. Некалькі такіх сужэнстваў заснавалі Суполкі Маці Божай:

• яны імкнуцца выконваць абяцанні, дадзеныя падчас хросту;
• хочуць жыць для Хрыста, з Хрыстом і праз Хрыста;
• аддаюцца Яму безумоўна;
• прагнуць служыць Яму безагаворачна;
• прызнаюць Яго Пастырам і Панам свайго сужэнства;
• яго Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і;
• хочуць, каб іх любоў, асвечаная сакрамэнтам сужэнства, была:

— ушанаваннем Бога,
— выразным сведчаннем перад людзьмі таго, што Хрыстус захаваў іх любоў,
— выпраўленнем грахоў чалавецтва супраць сужэнства;

• яны прагнуць паўсюль быць місіянерамі Хрыста;
• адданыя Касцёлу, яны імкнуцца заўсёды адгукацца на просьбы свайго біскупа і сваіх святароў;
• імкнуцца быць кампетэнтнымі ў сваёй прафесійнай працы;
• кожным сваім учынкам хочуць супрацоўнічаць з воляю Бога і служыць іншым людзям.

Гэтыя сужэнствы, ведаючы свае слабасці і межы сваіх магчымасцяў, штодзень спазнаючы тое, як цяжка, нягледзячы на іх добрую волю, жыць па_хрысціянску ў паганскім свеце, і непахісна верачы ў моц братэрскай дапамогі, пастанавілі   стварыць  суполку.

Суполкі — гэта не дыскусійныя групы, а трывалыя арганізмы, якія складаюцца з людзей, што прагнуць служыць іншым.

Ніхто не абавязаны ўступаць у іх або там заставацца.

Аднак той, хто ў іх уступае, павінен з павагаю выконваць іх правілы.

Лагатып ЭНД

Лагатып вельмі яскрава паказвае сутнасць руху. Праз гэты вобраз нам адкрываецца сэнс руху – яго асноўны накірунак.

Лагатып складаецца з двух частак: рыбы і заручальных пярсцёнкаў.

Рыба сімвалізуе першых хрысціян. Літары грэцкага слова «ICTUS» – рыба азначаюць – Езус Хрыстус Сын Божы Збаўца, такім чынам рыба сімвалізуе Хрыста. Слова «eqipe» са старой французкай мовы, якое азначала — малы човен, таксама мае адносіны да рыбы. Таму ў сімвале рыбы можна ўбачыць накіраванне як на Хрыста, так і на экіпы (суполкі).

Пярсцёнкі сімвалізуюць абавязак кахання і вернасці паміж сужонкамі.

Лагатып укрывае ў сабе два слупа на якіх абапіраецца рух, гэта прыналежнасць да Хрыста і да сужэнства.

Лагатып мае тры колеры: нябесна блакітны, жоўта-залаты і чырвоны.

Нябесна блакітны сімвалізуе Бога.
Жоўта-залаты – Божую веліч.
Чырвоны — чалавека.

Рыба мае блакітны колер, пярсценкі – адценні жоўтага і чырвонага. Перапляценне з рыбай сімвалізуе запавет Бога з людзьмі, ад якога хрысціянскае сужэнства бярэ свой пачатак.

Ніжэй графікі змесцаваны надпіс – Equipes Notre-Dame.